Пра нас

Лабараторыя скарыназнаўства i валарызацыi даследаванняў гiсторыi i культуры Беларусi

Імя Францыска Скарыны, доктара мастацтваў і медыцыны, пачынальнiка славянскага друку, шырока вядома сёння ў Беларусі. Парадаксальна, што ў той час, як беларускія гісторыкі узвышаюць яго да звання нацыянальнага героя, сусветная гістарыяграфія амаль нічога не ведае пра яго. Напрыклад, у Францыі ў Нацыянальнай бібліятэцы знаходзіцца некалькі кнiг пра Скарыну; большасць з іх, на рускай альбо беларускай мовах, датуюцца мінулым стагоддзем.

У той жа час, гэты вакуум спецыяльных даследаванняў, прысвечаных Францыску Скарыне, адлюстроўвае феномен практычна поўнай «абыякавасці» замежных гісторыкаў да гісторыі Беларусі ўвогуле (за выключэннем, вядома, такіх надзённых тэм, як сацыяльна-палітычныя перспектывы «апошняй дыктатуры ў Еўропе», даследаванні Халакоста і партызанскага руху ў Другой сусветнай вайне, альбо вiцебская мастацкая школа як калыска Марка Шагала). Гэтая «незацікаўленасць» гісторыяй Беларусі ў сусветнай гістарыяграфіі, відавочна, ўспадкавана ад традыцыі рускіх і савецкіх гісторыкаў, якія ставіліся да Беларусі (а таксама да Ўкраіны) як да часткі Расіі, якой самiм лёсам было прадвызначана ўзяднанне з Расіяй. У адрозненне ад Беларусі, Украіна (але якой страшнай цаной) змагла пазбегнуць гэтага погляду і стаць паўнапраўным аб’ектам даследаванняў. Беларусь – не.

Мы не заклікаем тут да дыскусіі аб прычынах гэтай «адсутнасці цікавасці» да гісторыі Беларусі ў заходняй гістарыяграфіі (у той жа час, гэта магло б быць вельмі карысна), але толькі паказваем на прабелы ў даследаваннях скарыназнаўства, тым больш відавочныя з улікам важнасці вобразу Францыска Скарыны для саміх беларусаў. У кантэксце святкавання 500-гадовага юбілею кнігадрукавання ў Беларусі ў гэтым годзе, скарыназнаўства і Францыск Скарына ўвогуле ўяўляецца свайго роду сымвалам, дынамічным курсорам гістарычнай свядомасці Беларусі ў цэлым.

Відавочны і «парадокс Скарыны»: у той час як у самой Беларусі яго часта ўспрымаюць гэтакім «адзінокім тытанам», «маргіналам», які апярэдзіў сваю эпоху, толькі сёння мы адкрываем Францыска Скарыну як інтэлектуала, звязанага мноствам ніцей са светам еўрапейскага Адраджэння, які імкнуўся перадаць гэтыя сучасныя веды свайму народу «паспалітаму». Аднак, ні яго дзейнасць, ні гэты еўрапейскі кантэкст практычна не вядомыя еўрапейцам.

Скарыназнаўства, даследаванні пра Францыска Скарыну, налічваюць больш за 6000 публікацый, але намаганні даследчыкаў часта застаюцца падзеленыя геаграфічнымі, дысцыплінарнымі межамі і стэрэатыпамі. Больш за тое, гэтыя даследаванні часта з’яўляюцца чыста акадэмічнымі, незразумелымі і недаступнымі для шырокай публікі нават для Беларусі, не кажучы ўжо пра астатні свет.

Мы звяртаемся да гісторыкаў, славістаў, бібліяфілаў, даследчыкаў ў міждысцыплінарных абласцях, усіў, хто зацікаўлены ў рухе наперад ведаў па гісторыі Беларусі, аб’яднаць свае намаганні. Зробім больш бачнымі даследаванні пра жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны і пра беларускую гісторыю ў цэлым!

СкарынаЛаб, Лабараторыя скарыназнаўства і валарызацыi даследаванняў гісторыі і культуры Беларусі, дае унікальную платформу для публікацыі і каардынацыі нашых даследаванняў і запрашае навукоўцаў, якія цікавяцца жыццём і творчасцю Францыска Скарыны і беларускімi даследаваннямі ў цэлым, падзяліцца сваімі ідэямі, праектамі і дасягненнямі.

Скарынаведы ўсіх краін, яднайцеся!