Францыск Скарына: новыя даследаванні / Цэнтр. навук. б-ка імя Якуба Коласа Нац. акад. навук Беларусі; уклад. Аляксандр Груша; рэдкал.: А. І. Груша [і інш.]. – Мінск: Беларуская навука, 2019

У выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў у свет другі том зборніка навуковых артыкулаў, прысвечаных Францыску Скарыне – Францыск Скарына: новыя даследаванні / Цэнтр. навук. б-ка імя Якуба Коласа Нац. акад. навук Беларусі; уклад. Аляксандр Груша; рэдкал.: А. І. Груша [і інш.]. – Мінск: Беларуская навука, 2019. – 215 с. ISBN 978-985-08-2415-8.

Гэты, другі па ліку, зборнік пра Францыска Скарыну, падрыхтаваны Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, працягвае публікацыю даследаванняў, накіраваных на наданне навуковаму скарыназнаўству інавацыйнага iмпульса, прасоўванне наватарскіх, прадуктыўных, неардынарных і смелых ідэй у вывучэнні асобы, дзейнасці і спадчыны такой постацi, як Францыск Скарына. Артыкулы даследчыкаў з Беларусі, Украіны, Чэхіі і Францыі раскрываюць наступныя пытанні: дзейнасць Францыска Скарыны як інтэгральная складовая частка кнігадрукавання Старога горада Прагі (Пётр Войт); дата нараджэння Скарыны (Ілля Лямешкiн); рэдакцыя Евангелля, якой ён карыстаўся (Сяргей Цемчын); яго моўная мадэль перакладу Бібліі (Iрына Будзько); паэтычная спадчына Скарыны (Алесь Бразгуноў); сэнс скарынаўскіх знакаў «трохкутнік» і «трапецыя з крыжам» у сувязі з рэлігійным і гістарычным кантэкстам ідэй Рэнесансу (Вольга Шутава); украінскія скрыпторыі, дзе магло адбывацца перапісванне яго тэкстаў (Наталля Бондар); святкаванне 500-годдзя Скарыны ў БССР у 1986–1990 гг. (Раман Воранаў).

 

Чытаць падрабязьней: Прадмова складальніка Зборніка, Аляксандра Грушы