Апублiкавана: А. Груша. Ад укладальнiка. Францыск Скарына: новыя даследаванні / Цэнтр. навук. б-ка імя Якуба Коласа Нац. акад. навук Беларусі; уклад. Аляксандр Груша; рэдкал.: А. І. Груша [і інш.]. Мінск: Беларуская навука, 2019. С. 8–11
Вынесены на суд чытача зборнiк – другi по лiку зборнiк пра Францыска Скарыну, падрыхтаваны Цэнтральнай навуковай бiблiятэкай iмя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. Першы зборнiк – «Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына» (2017)[1] быў прымеркаваны да святкавання 500-годдзя беларускага кнiгадрукавання, хаця адна з яго галоўных задач прадугледжвала атрыманне такiх вынiкаў, якiя, як правiла, адрознiваюцца ад рэфлексiй, дыскурсу падобных святкаванняў i iх ацэнак. Гэтая задача была сфармулявана наступным чынам: «…вяртанне навуковай Скарынiяны ў рамкi стандартаў паўнацэннай навукi, стымуляванне новых навуковых даследаванняў прысвечаных Скарыне»[2]. Пастаноўка згаданай задачы была выклiкана запаволеннем тэмпаў развiцця беларускiх прафесiйных даследаванняў пра Скарыну на фоне высокай актыўнасцi калянавуковых i квазiнавуковых твораў, а таксама навуковых прац, абцяжараных састарэлымi падыходамi, другасным матэрыялам i вымучанымi i малапрыгоднымi думкамi. Час паказаў, што гэта задача не страцiла сваёй актуальнасцi. Яна захоўваецца i перад дадзеным зборнiкам. У iм чытачы не знойдуць тэкстаў, якiя адсылаюць да трывiяльных, наперад вядомых, састарэлых думак, вобразаў i штампаў.
Перад дадзеным зборнiкам стаiць i яшчэ адна важная задача – прасоўванне наватарскiх, прадуктыўных, неардынарных i смелых iдэй у вывучэннi асобы, дзейнасцi i спадчыны Францыска Скарыны. Апублiкаваныя тэксты дадаюць новыя, часам нечаканыя факты, меркаваннi, iнтэрпрэтацыi, палажэннi i высновы.
Аб некаторых такiх меркаваннях i iнтэрпрэтацыях я хацеў бы папярэдзiць загадзя, памятаючы, як некаторыя супольнасцi беларускай грамадскасцi сустрэлi думку аб тым, што Францыск Скарына выявiў сябе на вядомым партрэце без вусаў. Абмеркаванне гэтага пытання ў сацыяльных сетках ператварылася ў гаерства. За вусы Скарыны «заступiлiся» журналiсты некаторых цэнтральных газет[3], пры гэтым яны нiколькi не хвалявалiся за свае смелыя прэтэнзii стаць экспертамi верагоднасцi i каштоўнасцi навуковых думак, а таксама за цытаванне блазнаватых рэплiк «вядомых беларускiх скарыназнаўцаў». Так «нашчадкi» Скарыны адрэагавалi на тое новае i незвычайнае ў думках i творчасцi, што Скарына сцвярджаў усёй сваёй актыўнасцю. Рэакцыя гэтых супольнасцяў была чаканай, i яна таксама – праяўленне масавай гiстарычнай свядомасцi[4], якое высвечвае, акрамя ўсяго iншага, яго коснасць, зацiснутасць i прыхiльнасць да канонаў. Думка аб Скарыне без вусаў належыць аднаму з вядучых сучасных даследчыкаў скарынiяны – дацэнту славiстыкi i балтыстыкі Iнстытута ўсходнееўрапейскiх дасладаванняў Фiласофскага факультэта Карлава ўнiверсiтэта Iльi Лямешкiну (Прага). Упершыню яна была выказана ў калектыўным выданнi, падрыхтаваным Бiблiятэкай iмя Урублёўскiх Лiтоўскай акадэмii навук[5]. Гэтаму даследчыку належыць i арыгiнальны пункт гледжання, якi датычыць формы прозвiшча Скарыны. Як ён лiчыць, яно гучала так – Скóрын (абгрунтаванне гэтага пункта гледжання прадстаўлена ў асобным артыкуле, якi знаходзiцца ў друку). Пад гэтым прозвiшчам Скарына i фiгуруе ў артыкуле згаданага аўтара.
Крыху аб складзе зборнiка, яго аўтарах i iх тэкстах. Мы па-ранейшаму аддаем перавагу мiжнароднаму навуковаму супрацоўнiцтву – у зборнiку друкуюцца працы вучоных Беларусi, Літвы, Украiны, Чэхii i Францыi.
Выданне адкрывае артыкул вядомага гiсторыка-кнiгазнаўцы з Чэхii Петра Войта, якi засяродзiў сваю ўвагу на суадносiнах дзвюх iнтэрпрэтацый спадчыны Францыска Скарыны: адной – у якой Скарына паўстае «як сімвал, што выкарыстоўваецца ў палiтыцы i навуцы для таго, каб стварыць вобраз еўрапейскага пасланнiка i сiстэму каардынат для ацэнкi гуманiстычнай культуры ўсходнiх славян», другая – якая грунтуецца на крытычных адносiнах да традыцыйных уяўленняў. Заслугоўвае ўвагi наступная ацэнка вынiкаў параўнання прыведзеных iнтэрпрэтацый: «Адкiнуўшы ўсе гвалтоўныя iнтэрпрэтацыi i выдумкi, мы ўбачым, што тая аўтэнтыка, якая засталался, нас усё роўна ўражвае». У артыкуле, на падставе абагульненняў вынiкаў папярэднiх даследваванняў, разгледжана пытанне i аб дзейнасцi Францыска Скарыны як iнтэгральнай складовай часткi Старога горада Прагi.
Артыкул Iльi Лямешкiна прысвечаны праблеме, якая ўводзiць жыццё i дзейнасць Францыска Скарыны на гэты раз ў сiстэму часавых каардынат. Гэта – дата нараджэння Скарыны. Немалаважным з’яўляецца не только зварот да дадзенай праблемы, але i тое, ў якiм кантэксце яна асвятляецца, якi iнструментарый пры гэтым выкарыстоўваецца. У артыкуле разглядаецца вядомы партрэт кнiгавыдаўца 1517 г., але робiцца гэта ў кантэксце еўрапейскага i, у прыватнасцi, чэшскага партрэтнага жывапiсу першай чвэрцi XVI ст., з выкарыстаннем метадаў семiялагiчнага аналiзу. Даследчык адзначыў «самарэпрэзэнтатыўныя амбiцыi» Скарыны, якiя «зашкальвалi», i сувязь яго партрэта з гравюрай Альбрэхта Дзюрэра «Святы Iеранiм у кабiнеце».
Якой рэдакцыяй Евангелля карыстаўся Францыск Скарына? На гэта пытанне даецца адказ у артыкуле лiтоўскага гiсторыка i мовазнаўцы Сяргея Цемчына, якi супаставiў 37 евангельскiх цытат з выданняў Скарыны з сучаснымi крытычнымi выданнямi царкоўнаславянскага Евангелля. Згодна з назiраннямi аўтара, Скарына, цытуючы евангельскi тэкст паводле пiсьмовай крынiцы, прыстасоўваў яго да ўласнага кантэксту i адаптаваў у моўных адносiнах, зрэдку i нерэгулярна замяняючы царкоўнаславянскiя формы «руськомовнымi» (старабеларускiмi).
Беларускi лiнгвiст Iрына Будзько працягвае даследаванне мовы выданняў Францыска Скарыны. На гэты раз прадметам яе лiнгватэксталагiчнага аналiзу стала Кнiга Эклезiяст. Як заключае даследчыца: «Пры вялiкай колькасцi запазычанняў з царкоўнаславянскага тэксту i пры вiдавочнай прыхiльнасцi беларускага першадрукара да кiрыла-мяфодзiеўскай традыцыi няма падстаў лiчыць мову яго пражскiх выданняў царкоўнаславянскай; беларускi першадрукар прапанаваў своеасаблiвую моўную мадэль, абапiраючыся на кнiжную традыцыю, закладзеную старажытнымi славянскiмi асветнiкамi, i на народную традыцыю, узорам якой для яго паслужыла перакладчыцкая дзейнасць чэшскiх рэфарматараў».
У артыкуле гiсторыка лiтаратуры з Беларусi Алеся Бразгунова актуалiзаваны пытаннi, якiя датычаць паэтычнай спадчыны Францыска Скарыны. Прадстаўлены новыя вершы Скарыны, выяўленыя ў перакладзе Бiблii i ў акафiстах з «Малой падарожнай кнiжкi». Вялiкая ўвага надаецца тыпалогii яго паэтычных твораў. Як падкрэслiвае аўтар, «…пастаяннае “ваганне” памiж рытмiзаванай прозай, сiлабiчным i танiчным вершам стварае непаўторную паэтычную iндывiдуальнасць Скарыны».
Гiсторык з Францыi Вольга Шутава ў артыкуле аб сiмволiцы Францыска Скарыны робiць прынцыпова важную выснову аб тым, што Скарына не «шыфраваў» свае вобразы i актыўнасць, а наадварот, хацеў зрабiць iх больш зразумелымi для сучаснiкаў. Як заключае аўтар, яго знакi i сiмвалы трэба разглядаць у сувязi з рэлiгiйным кантэкстам прадмоў, з самiмi бiблейскiмi тэкстамi, гiстарычным кантэкстам iдэй Рэнесансу.
У фокусе ўвагi ўкраiнскага кнiгазнаўцы Наталлi Бондар – спiс кнiг Старога Запавету, якi захоўваецца ў Львоўскай нацыянальнай навуковай бiблiятэцы Украiны iмя В. Стафанiка Нацыянальнай акадэмii навук Украiны. Гэты спiс разам з тэкстамi Кнiгi Быцця, выдадзенай Скарынам у 1519 г., змяшчае i фрагмент тэксту з Кнiгi Макавеяў. Гэта кнiга не была апублiкавана Скарынам. Але, верагодна, яна была падрыхтавана iм да друку. Указаны спiс аказаўся па-за ўвагай скарыназнаўцаў. Яго вывучэнне паставiла пытанне аб магчымасцi iдэнтыфiкацыi ўкраiнскiх скрыпторыяў, дзе магла весцiся перапiска скарынаўскiх тэкстаў.
Завяршае зборнiк артыкул выдучага даследчыка культурнай памяцi аб Скарыне – Рамана Воранава. Гэты артыкул прысвечаны аднаму з ключавых этапаў у фармiраваннi «гераiчнага вобраза» Скарыны – святкаванню 500-годдзя Францыска Скарыны ў БССР у 1986—1990 гг., якое стала самай масавай публiчнай падзеяй, арганiзаванай у гонар першадрукара. Аўтар робiць спробу акрэслiць сэнсы, якiя iнтэлектуальныя i творчыя супольнасцi, а таксама ўладныя структуры ўкладалi ў постаць Францыска Скарыны падчас юбiлея. Вось некаторыя з высноў аўтара: «Вобраз Францыска Скарыны стаўся сiмвалам адраджэння пазiцый беларускай мовы… У кантэксце гiстарычнага развiцця аўтары рэпрэзентавалi спадчыну Скарыны як доказ слаўнага альбо папросту “гiстарычнага” мiнулага беларускага народа i сiлкавалi ёй надзеi на яго “нармальную” будучыню… Вобраз Францыска Скарыны паўставаў добрым прыкладам у тэзiсах пра наканаванасць еўрапейскай перспектывы Беларусi, дзякуючы сваёй трансеўрапейскай актыўнасцi ў бiяграфii i правядзенню гуманiстычных каштоўнасцяў у працы… Пяцiсотгадовы юбiлей, як нiякая iншая падзея, “падсвяцiў” афармленне постацi Францiшка Скарыны ў нацыянальнага героя для беларускай супольнасцi».
У цэлым змест апублiкаваных артыкулаў можа сведчыць аб пашырэннi даследчага поля скарынiяны, з’яўленнi новых навуковых перспектыў i кiрункаў, якiя дазваляюць убачыць за знешняй канвой жыцця i дзейнасцi Скарыны не толькi яго сацыянальнасць, але i розныя гранi яго iдэнтычнасцi, асабiсты выбар i iндывiдуальныя паводзiны, а таксама сацыяльна-гiстарычную iнтэрпрэтацiю вобраза Скарыны ў сучаснай беларускай культуры.
________________
1. Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына / Цэнтр. навук. б-ка імя Якуба Коласа Нац. акад. навук Беларусі; уклад. А. Груша; рэдкал.: Л. А. Аўгуль [і інш.]. Мінск : Беларуская навука, 2017. – 295 с.
2. Груша А. Ад укладальнiка // Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына. С. 8—9.
3. Иванова Л. Усы, бороды, сенсации. Насколько важно то, были ли у Скорины усы? [Электронный ресурс] // https://www.sb.by/articles/usy-borody-sensatsii.html (дата звароту: 27.02.2019).
4. Аб культурнай памяцi аб Скарыне ў Беларусi гл.: Груша А. Увековечивание памяти о Франциске Скорине в Беларуси (1924—1990) // Бiблiотечний вiснiк. 2017. № 3. С. 3—11.
5. Lemeškinas I. Skorinos atminimo įprasminimas. ČekijaPranciškaus Skorinos «Rusėniškajai Biblijai» – 500 / sud. Sigitas Narbutas. Vilnius: Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka, 2017. Р. 137.