Новая калектыўная манаграфiя «Рутэнскай Бiблii Францыска Скарыны – 500. Pranciškaus Skorinos Rusėniškajai Biblijai – 500»

Сярод выданняў, выпушчаных у юбілейным 2017 годзе, неабходна адзначыць яшчэ адну кнігу, якая сабрала актуальную інфармацыю пра Скарыну – Pranciškaus Skorinos Rusėniškajai Biblijai – 500. Sud. Sigitas Narbutas, red. Daiva Narbutienė. Aut. Rima Cicėnienė, Sigitas Narbutas, Daiva Narbutienė, Sergey Temčin, Aleksandr Gruša, Ilya Lemeškin, Petr Voyt. Vilnius: Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka, 2017. ISBN 978-9986-498-72-8.

Выдадзеная на літоўскай мове ў пачатку 2017 года, гэтая калектыўная манаграфія стала вынікам супрацоўніцтва вядучых скарынаведаў пры ўдзеле такіх дзяржаўных устаноў, як Бібліятэка Акадэміі навук Літвы ім. Урублеўскіх, філасофскі факультэт Карлавага універсітэта (Чэхiя), Бібліятэка Акадэміі Навук Беларусі імя Я. Коласа (Мiнск) і Нацыянальны музей – Палац Вялікіх князёў Літоўскіх (Лiтва).

Адметна тое, што нават у юбілейным «арэоле», Францыск Скарына прадстаўлены ў гэтым зборніку не толькі, і нават не столькі, традыцыйнай канвой біяграфіі, але і новымі адкрыццямі, якiя нават да гэтага часу, на жаль, застаюцца амаль невядомымі для беларускай аудыторыi.

Аўтарскія артыкулы, сабраныя ў кнізе «Рускай Бібліі Францыска Скарыны – 500», падводзяць вынікі самых свежых даследаванняў пераважна чэшскіх і літоўскіх спецыялiстаў у скарыназнаўстве за апошнія гады. Разгляд 23 кніг Бiблii, якую выдаваў Францыск Скарына ў Празе, ў кантэксце ўсёй кніжнай прадукцыі таго часу на чэшскіх землях, дазволіў ім зрабiць шмат новых адкрыццяў.

Так, выяўлена, што Францыск Скарына арандаваў друкарню ў Празе – друкарню купца Севярына. Там Францыск Скарына, відавочна, перасякаўся з чэшскім Друкаром Пражскай Бібліі 1488 г., габрэйскім кнігадрукаром Гершамом Коэнам і іншымі. Пры гэтым аналіз ілюстрацыйнага матэрыялу дазволіў выявіць і тых гравёраў, з якімі Францыск Скарына супрацоўнічаў у Празе, і якія таксама рэзалі дошкі не толькі для Скарыны, але і для іншых выдаўцоў, якія працавалі са Скарынам у адзін i той жа час у адной і той жа друкарні. Такія, здавалася б, чыста «тэарэтычныя» і прызначаныя, так бы мовіць, для «вузкага кола» спецыялiстаў факты, маюць вельмі сур’ёзныя наступствы, паколькі цалкам руйнуюць стэрэатып у скарыназнаўстве , які склаўся ў дачыненні да Скарыны. Напрыклад, аказваецца, што Францыск Скарына не насіў вусы. Гравёр, умоўна названы «Майстар вытанчанага штрыху» (Mistr jemné šrafury) такім чынам паказваў цень ад носа, а вось вусы ён адлюстроўваў зусім па-іншаму.

Хоць, можна падумаць, што гэты факт «бязвусага» Скарыны, насамрэч другасны, але ён, тым не менш, цалкам руйнуе наш звыклы, іканічны, вобраз Скарыны. Гэта адкрыцце, разам са знаходжаннем месца друкарні, якую арандаваў Францыск Скарына, вяртаюць нас да ідэі аб тым, што Францыск Скарына не друкаваў свае кнігі ў вакууме.

Вывучэнне гістарычнага кантэксту і мастацкага аздаблення скарынаўскiх кніг выяўляюць яшчэ адзін новы нюанс – партрэтную актуалізацыю яго гравюр. Тут Францыск Скарына зноў ішоў у рэнесанснай плынi, і таму на гравюрах ў яго кнігах можна знайсці вобразы яго высокапастаўленых сучаснікаў – ад каралёў Йіржы з Падебрад (Jiří z Poděbrad, † 1471), Уладзіслава Ягелонскага († 1516), Людовіка Ягелонскага († 1526) да польскага караля Жыгімонта, ці нават малюнак бенедыктынскага Эмаускага манастыра на гравюры з аблогай Ерусаліма …

Больш падрабязна даведацца пра гэтыя і іншыя адкрыцці, напрыклад, пра ўплыў рукапіснай традыцыі Вялікага княства Літоўскага на дзейнасць Францыска Скарыны (Рыма Цыцэнiене), або аб развіцці кнігадрукавання ў ВКЛ пасля Скарыны (Дайва Нарбутэне), аб бытнасці Скарыны каралеўскім садоўнікам у Чэхіі (Ілля Лямешкiн ), пра феномен палiфанiчнасцi культур у Вялікім княстве Літоўскім і яго адлюстраванні ў царкоўнаславянскай і рус(ь)кай, рутэнской кніжнасці (Сяргей Цемчын), аб ўвекавечанні спадчыны Скарыны і феномене калектыўнай памяці ў Беларусі, Літве і Чэхіі (Аляксандр Груша, Сігітас Нарбутас, Ілля Лямешкiн, а таксама азнаёміцца з багатым ілюстрацыйным матэрыялам чытач зможа на сайце Біблiятэцы Літоўскай Акадэміі навук імя Урублеўскіх на беларускай, літоўскай, чэшскай і англійскай мовах.