Лабараторыя скарыназнаўства прадстаўляе новую публікацыю “Theatrum libri: кнігадрукаванне, чытанне і распаўсюджванне кніжнай культуры ў Еўропе ранняга мадэрну”, выдадзеную Літоўскай нацыянальнай бібліятэкай ім. Марцінаса Мажвідаса (Вільня, 2022). Зборнік артыкулаў на англійскай мове, размешчаны ў адкрытым доступе, складзены даследчыкамі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Дэпартамента даследаванняў дакументальнай спадчыны Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі дактарамі Мільдай Квізікявічутэ і Вікторыяй Вайткявічутэ.
Зборнік заснаваны на матэрыялах міжнароднай канферэнцыі “Theatrum Libri: The Press, Reading and Dissemination in Early Modern Europe” (1–3 снежня 2021 г., Літва), якая сабрала даследчыкаў з Еўропы, Азіі і ЗША, каб падзяліцца сваімі думкамі і адкрыццямі ў галіне гісторыі кнігі, кампутарнай гісторыі і прымяненні лічбавых метадаў.
Рэцэнзуемы зборнік прадстаўляе пятнаццаць артыкулаў даследчыкаў з універсітэтаў і бібліятэк Літвы, Польшчы, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Партугаліі і Іспаніі. Артыкулы прысвечаны друкаванай кнізе як архіўнай з’яве з пункту гледжання зместу (назапашванне ведаў) і формы (назапашванне кніг), даследуючы дынаміку стварэння кнігі, структуру і само кнігадрукаванне ў кантэксце сацыякультурных працэсаў, акцэнтуючы ролі аўтара, выдаўца, распаўсюджвальніка, чытача і калекцыянера кніг. Кніга даступная і для шырокай аўдыторыі, паколькі яна таксама ўключае культурныя, гістарычныя і лінгвістычныя даследаванні, звязаныя з кніжнай культурай у XV-XIX стагоддзях.
Выданне фінансавалася Міністэрствам культуры Літоўскай Рэспублікі.
Калекцыя размешчана ў адкрытым доступе на вэб-сайце Нацыянальнай бібліятэкі Літвы (DOI: https://doi.org/10.51740/DPT.1 )
Папяровы варыянт кнігі можна набыць у аддзеле інфармацыі і рэгістрацыі Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі (пр. Гедыміна, 51, Вільня, 2-гі паверх) ці па электроннай пошце: mailto:pardavimai@lnb.lt