Міжнародны сімпозіум і выстава «Францыск Скарына і Прага (да 500-годдзя выдання пражскай Бібліі Скарыны)»

Clementinum library. Wikipedia / BrunoDelzant

Міжнародны сімпозіум і выстава «Францыск Скарына і Прага (да 500-годдзя выдання пражскай Бібліі Скарыны)»

15 чэрвеня ў Празе, у будынку Нацыянальнай бібліятэкі Чэшскай Рэспублікі Klementinum адбыўся Міжнародны сімпозіум «Францыск Скарына і Прага» / František Skorina a Praha », прысвечаны 500-годдзю пражскай Бібліі Францыска Скарыны (k 500. výročí vydání Skorinovy pražské Bible). Арганізатары сімпозіума – Нацыянальная бібліятэка Чэшскай Рэспублікі (Národní knihovna České republiky), Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Чэшскай Рэспубліцы. У гэтым міжнародным навуковым праекце, арганізаванам Бібліятэкай Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх, прынялі ўдзел: Філасофскі факультэт Карлавага ўніверсітэта (Чэхія), Цэнтральная бібліятэка імя. Я. Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі; Нацыянальны музей – Палац Вялікіх князёў Літоўскіх; Бібліятэка Віленскага універсітэта.

На форуме гучалі даклады вядучых скарыназнаўцаў і славістаў з Чэхіі, Беларусі, Літвы і Расіі. Асаблівыя словы прызнання былі вымаўленыя ў адрас вядомых навукоўцаў, чыя працы сталі класікай Скарыніяны – Я. Неміроўскага і Г. Галенчанка. Нягледзячы на тое, што яны не змаглі прыехаць на форум, іх прысутнасць адчувалася дзякуючы ўсім тым, хто лічыць сябе іх вучнямі і паслядоўнікамі.

Сімпозіум праходзіў у інтэрнацыянальнай атмасферы не толькі па складу ўдзельнікаў, але і таму, што спадчына Францыска Скарыны, з пункту гледжання гісторыі кніжнай культуры, з’яўляецца агульнай для чэхаў, літоўцаў, беларусаў, украінцаў і рускіх – кожная з гэтых гістарыяграфій мае права на «свайго» Скарыну. Як адзначалі чэшскія навукоўцы, гэта асабліва дакладна для Багеміі, бо самы доўгі перыяд свайго жыцця (20-28 гадоў) Скарына правёў менавіта тут, у чэшскiм асяроддзі, працуючы як лекар, перакладчык, пісьменнік, выдавец, батанік і каралеўскі садоўнік. Такім чынам, ініцыятыва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі абраць менавіта Прагу ў якасці месца арганізацыі сімпозіума, была цалкам натуральнай; а выпрацоўку канцэпцыі і арганізацыю сімпозіума ўзяла на сябе Славянская бібліятэка Нацыянальнай бібліятэкі Чэшскай Рэспублікі, і ў прыватнасці яе дырэктар Лукаш Бабка.

Падчас работы сімпозіума былі праведзены прэзентацыі новых праектаў і кніг, прысвечаных Францыску Скарыну, якія ажыццяўляліся на працягу гэтага юбілейнага года ў Беларусі, Чэхіі, Літве і Расіі.

Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прадставіў шматтомнае факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» кніг Скарыны (21 т. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2013-2017), каштоўныя асобнікі якога сёння ўпрыгожваюць калекцыі найбуйнейшых бібліятэк свету.

Сігітас Нарбутас, дырэктар Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы ім. Урублеўскіх распавёў аб выданні «Pranciškaus Skorinos Rusėniškajai Biblijai 500 / Frantsysk Skaryna’s Ruthenian Bible turns 500» (Rima Cicėnienė, Sigitas Narbutas, Daiva Narbutienė, Sergey Temchin, Aleksandr Grusha, Ilya Lemeshkin, Petr Voyt. Vilnius : Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka, 2017)Vilnius: Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka, 2017), у якім удзельнічалі Бібліятэка Акадэміі навук Літвы ім. Урублеўскіх, філасофскі факультэт Карлавага універсітэта, Бібліятэка Акадэміі Навук Беларусі імя Я. Коласа, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Нацыянальны музей – Палац Вялікіх князёў Літоўскіх.

Дырэктар Бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі ім. Я. Коласа, Аляксандр Груша, у сваю чаргу, прэзентаваў выдадзены Бібліятэкай зборнік навуковых артыкулаў «Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына” (ўклад. А. Груша. Мінск: Беларуская навука, 2017), аўтары якога разглядаюць розныя аспекты Скарыніяны ў новых ракурсах – ад перадумоў дзейнасці Скарыны і месцазнаходжання ягонай друкарні ў Празе да паходжання інфармацыі аб яго магчымай паездцы ў Маскву і расшыфроўкі знакаў («трохвугольніка») на яго партрэце.

Джаміля Рамазанава, загадчыца Аддзела рэдкіх кніг Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, прадставіла выставу і каталог «Человек эпохи Возрождения. К 500-летию издания Библии Франциска Скорины Каталог выставки, 18/04 – 20/05/2017» (Москва: Российская государственная библиотека, 2017).

У ходзе Сімпозіума былі агучаныя такія важныя даследчыя пазіцыі, як неабходнасць разглядаць дзейнасць Скарыны, як і ўсё пісьмовую спадчыну ВКЛ, як еўрапейскі феномен (Томаш Хаскавец); памылковасць аднабаковай, «нацыянальнай» інтэрпрэтацыі феномену Скарыны (Пётр Войт); розныя аспекты апісання, вывучэння і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францыска Скарыны (Аляксандр Суша); спецыфіка аўтарскай ідэнтыфікацыі Скарыны ў якасці выдаўца і аўтара прадмоў і адсутнасць падобнага ў кірылічных рукапісных і найпазнейшых друкаваных помнікаў (Аляксандр Груша); асаблівасці яго рэцэпцыі сярод славянскіх кніжнікаў другой паловы XVI ст. (Джаміля Рамазанава) і яго паслядоўнікаў (Таццяна Карнелава).

У другой частцы работы Сімпозіума Ілля Лямешкін прасачыў тэксталагічную ўзаемасувязь паміж калафонам Пражскай Бібліі 1488 г. i паратэкстам Бивлии Рускай Ф. Скарыны, адзначваючы не толькі іх семантычную і сэнсавую блізкасць, але і аднолькавае месца выдання – у адной книгопечатне ў доме ў купца Севярына. У той жа час, Роландас Крегждис на аснове аналізу фанэтычных і семантычных адзінак лексем семіцкага паходжання ў Рутэнской Бібліі прыйшоў да высновы, што Францыск Скарына ў сваім перакладзе арыентаваўся, галоўным чынам, на чэшскі тэкст і Вульгату, чым на семіцкія мовы.

Сяргей Кныревич ў дакладзе «Па слядах Сымона Руса з Полацка» прадставіў новыя дакументы пра сваякоў Скарыны, якія знаходзяцца ў Дзяржаўным архіве горада Jindřichův Hradec. Сяргей Шупа, вядомы сваімі даследаваннямі гебраiзмаў ў скарынаўскай выданнях, азнаёміў прысутных з перспектывай новага акадэмічнага перакладу Бібліі на беларускую мову. Людміла Гарбачова і Кацярына Лапатко паведамілі аб праектах, мерапрыемствах і выдавецкай дзейнасці, прымеркаваных да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

У цэлым варта адзначыць інтэнсіўнасць і плённасць дыскусій і творчых абменаў, якія праходзілі ў ходзе Сімпозіума, i якія дазволілі прыцягнуць увагу шырокага кола скарыназнаўцаў і экспертаў-славістаў і ўбачыць далейшыя перспектывы ў сумесных даследаваннях Скарыніяны.

 Праграма міжнароднага сімпозіума і выставы «Францыск Скарына і Прага (да 500-годдзя выдання пражскай Бібліі Скарыны)»

 

З 15 чэрвеня па 20 ліпеня 2017 годзе тут жа, у Клементинуме, праходзіла выстава «Pranciškaus Skorinos Rusėniškajai Biblijai – 500 / The Ruthenian Bible of Francysk Skaryna turns 500», заснаваная на матэрыялах аднайменнай калектыўнай манаграфіі (Rima Cicėnienė, Aleksandr Grusha, Ilya Lemeshkin, Sigitas Narbutas, Daiva Narbutienė,Sergey Temchin, Petr Voyt. Vilnius : Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka, 2017). Яна была падрыхтавана ў выніку супрацоўніцтва спецыялістаў з Літвы, Беларусі і Чэхіі. Чэшская версія выставы была прадстаўлена даследчыкамі з Карлава універсітэта Іллёй Лямешкiным (Ph.D, ÚSVS FF UK) і Пятром Войтам (Ph.D, ÚISK FF UK).

Olga Shutova

Вольга Шутава – беларускi гiсторык, пісьменніца. Кандыдат гiстарычных навук (1997). У 1995-2007 выкладчык і дацэнт кафедры крыніцазнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Аўтар больш за 50 артыкулаў і 4 манаграфій ў галiне інтэлектуальнай гісторыi, гістарыяграфіi, гісторыi Беларусі i скарыназнаўства.