Друкар. [Panoplia] omnium illiberalium mechanicarum aut sedentariarum artium... H. Schopper, J. Amman. Francofurti ad Moenum: S. Feyerabend, 1568. Courtesy of The Linda Hall Library of Science, Engineering & Technology
Апублікавана: Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2017. № 3. С. 40–50

Сёлета спаўняецца 500-гадовы юбілей выхаду ў свет першай беларускай друкаванай кнігі – перакладу Бібліі, здзейсненага славутым беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром Францыскам Скарынам.

Нягледзячы на вялікую працу, праробленую некалькімі пакаленнямі даследчыкаў, у біяграфіі Скарыны ўсё яшчэ існуюць істотныя прагалы. Дагэтуль не ўстаноўлены дакладныя даты яго нараджэння і смерці. Невядома, дзе канкрэтна ён здабываў веды, неабходныя для паступлення ў Кракаўскі ўніверсітэт і для бліскучай абароны ступені доктара медыцыны ў Падуі. Пакуль не знойдзены звесткі пра пяцігадовы прамежак жыцця Скарыны пасля падуанскай абароны ў 1512 г. да пачатку друкавання кніг Бібліі ў Празе ў 1517 г. Няпэўным застаецца час пасля апошняй згадкі пра яго як каралеўскага садоўніка ў 1539 г. і да 1552 г., калі ягоны сын Сымон атрымаў ад Фердынанда І ліст на маёмасць, пакінутую пасля смерці Францыска Скарыны. Праліць хоць нейкае святло на гэтыя лакуны ў жыццяпісе першадрукара могуць пакуль што толькі ўскосныя пісьмовыя сведчанні.

Прыблізнай датаю нараджэння Францыска прынята лічыць 1490 г., адштурхоўваючыся ад часу яго паступлення ў Кракаўскі ўніверсітэт у 1504 г. Гэта крайні тэрмін, паколькі ва ўніверсітэт маглі паступаць не раней, як з 14 гадоў. Але выдатная абазначанасць у кірылічным пісьменстве і ў богаслужэбнай літаратуры ўсходняга абраду, а таксама добрыя веды лацінскай мовы, што дазволіла паспяхова паступіць у Кракаўскі ўніверсітэт, але патрабавала б болей часу, схіляюць да дапушчэння пра больш сталы ўзрост юнака ў час паступлення – каля 17–18 гадоў. Магчыма, недалёкі ад праўды быў знакаміты беларускі мастацтвазнавец Мікола Шчакаціхін, калі прапанаваў іншую дату – 6 сакавіка 1486 г., патлумачыўшы друкарскую эмблему Скарыны «Сонца маладзіковае» як указанне на дзень нараджэння ў момант сонечнага зацьмення ў Полацку [1]. Нягледзячы на ўсю няпэўнасць трактавання эмблемы як указання на момант з’яўлення дзіцяці на свет, 1485–1486 гг. падаюцца больш адпаведным часам нараджэння Францыска.

Няшмат вядома таксама пра сям’ю Скарынаў. У інструкцыі Маскоўскага князя Івана ІІІ паслу Івану Беклямешаву да караля Польшчы і вялікага князя ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка з 18 мая 1492 г. згадваецца полацкі купец Лук’ян Скарына [2, с. 45]. Сынам Лукі названы Францішак у запісе пры паступленні ў Кракаўскі ўніверсітэт (1504 г.) [2, с. 57.]. У актах абароны ступені доктара медыцыны ў Падуі перад імем бацькі стаіць займеннік quondam – «калісьці», «раней», які ў такіх выпадках у лацінскіх крыніцах азначаў памерлых [2, с. 63–72]. Гэта дазваляе меркаваць, што ў 1512 г. бацькі, Лукі Скарыны, ужо не было ў жывых. Дагэтуль не знойдзены дакументальныя сведчанні пра маці Францішка. У дэкрэце караля і вялікага князя Жыгімонта І са снежня 1518 г. згадваецца брат Іван як сведка на судзе Андрэя са Львова супраць віленскага грамадзяніна Дашкі [2, с. 46]. Як вынікае з запісаў прэтэнзій крэдытораў на маёмасць Івана ў Познані, ён памёр перад ліпенем 1529 г. Як і бацька, ён займаўся гандлем, пераважна гандлем скурамі. У судовых справах па маёмасці Івана ў Познані, а таксама ў справах па нерухомасці ў Полацку фігуруе імя яго сына Рамана. У Познані Раман з’явіўся асабіста два разы: увосень 1529 г., калі як законны спадкаемец разлічваўся з крэдыторамі свайго бацькі Івана, і ўвесну 1532 г., калі вызваляў з познанскай вязніцы свайго роднага дзядзьку Францішка. У познанскай судовай справе 1532 г. адзначана, што Раман прыбыў на суд з Гданьска, а ў справе па маёмасці ў Полацку ў 1535 г. сказана, што ён «в Немъцах служить» [2, с. 112–115, 123, 128–132]. Магчыма, і ў другім выпадку меўся на ўвазе Гданьск, які доўгі час быў пад уладаю немцаў, альбо нейкі іншы горад Заходняй ці нават Цэнтральнай Еўропы, улічваючы шматзначнасць у той час тэрміна «немцы». У кожным выпадку не выключана, што ў архівах Гданьска могуць захоўвацца нейкія матэрыялы пра Рамана, а магчыма, і пра ягонага бацьку і дзядзьку. Апрача сына, Іван меў яшчэ дзвюх не названых па імені дачок, бо ў полацкай справе 1535 г. пра яго маёмасць згадваюцца два ягоныя зяці Еська Стэпановіч і Міхна Аўсянікаў. Еська Стэпановіч, апрача полацкай уласнасці цесця, прэтэндаваў таксама і на частку яго познанскай маёмасці раней у справе 1529 г. [2, с. 49–50]. Ён жа прадстаўлены і ў актах полацкай рэвізіі 1552 г. У гэтых актах фігуруе таксама ігумен Пятніцкага манастыра Васка Скарына, а таксама Еська Скарына, які браў удзел як полацкі райца ў пасольстве ў Рыгу ў 1553 г. [2, с. 51–53]. Невядома, ці яны былі родзічамі Францыска Скарыны.

Імя Скарыны Францыск ускосна ўказвае на яго канфесійную прыналежнасць, а таксама на месца, дзе ён мог здабыць веды з лацінскай мовы, неабходныя для паступлення ва ўніверсітэт. Святы Францішак Асізкі, якому ён абавязаны сваім імем, як вядома, быў заснавальнікам і патронам Ордэна братоў меншых, ці францысканцаў, што пачалі прапаведваць неўзабаве пасля свайго заснавання таксама на тэрыторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ў ХІІІ ст. Рэфармаванае іх адгалінаванне – францысканцаў-абсервантаў – было заснавана Бернардзінам з Сіены (1380–1444 гг.), які заклікаў сваіх паслядоўнікаў займацца прапаведваннем і навучаннем. Летам 1453 г. на запрашэнне караля Казіміра IV Ягелончыка і кракаўскага біскупа Збігнева Алесніцкага ў Кракаў на чале са знакамітым прапаведнікам Янам Капістранам прыбылі некалькі манахаў з гэтай супольнасці. За восем месяцаў побыту Капістрана да абсервантаў было прынята 130 новых членаў, пераважна з ліку выкладчыкаў і студэнтаў Кракаўскага ўніверсітэта [3, p. 466; 4, s. 10]. Адразу ж пачалося будаўніцтва кляштара, прысвечанага Бернардзіну з Сіены. Ад назвы кляштара францысканцы-абсерванты ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім сталі называцца бернардзінцамі, у адрозненне ад нерэфармаваных канвентуальных францысканцаў. Супольнасць імкліва развівалася, узніклі кляштары на тэрыторыі Польшчы і Украіны, а ў 1468 г. быў заснаваны кляштар у Вільні. Пазней, у 1498 г. у Полацку таксама быў заснаваны бернардзінскі кляштар, прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі з касцёлам св. Францішка. Адміністрацыйна віленскі і полацкі кляштары ўваходзілі ў склад Польскага вікарыяту (з 1517 г. – Польскай правінцыі) францысканцаў-абсервантаў з цэнтрам у Кракаве.

Бернардзінцы вылучаліся тым, што прызнавалі правамоцнымі ўсе праваслаўныя таемствы, апрача веравызнання, і не патрабавалі перахрышчэння [4, s. 143]. Шмат у чым іх дзейнасць была скіравана на паяднанне дзвюх галін хрысціянства: праваслаўя і каталіцтва. Выказвалася нават меркаванне, што менавіта бернардзінцы паспрыялі выданню ў 1491 г. у Кракаве Актоіха Швайтполем Фіёлем. Прынамсі, да гэтага выдання меў непасрэднае дачыненне сіндык кракаўскага канвента бернардзінцаў Ян Турзан [5, s. 171]. Тое, што Скарына атрымаў хроснае імя ад патрона бернардзінцаў і пазней дзейнічаў у гэткім жа самым экуменіцкім кірунку, выдаючы Святое Пісьмо і богаслужэбныя кнігі для праваслаўных вернікаў, дадаткова сведчыць пра яго сувязі з полацкімі бернардзінцамі і навучанне ў іх. Вельмі верагодна, што з іх дапамогаю ён стаў таксама студэнтам Кракаўскага ўніверсітэта. Яго апекуном і натхняльнікам на гэтым шляху мог быць Лявон з Ланьцута (горад знаходзіўся на ўсходзе ад Кракава, уваходзіў у склад Рускага ваяводства, цэнтрам якога быў Львоў). Лявон быў манахам у Кракаве, дзе дакументальна засведчаны ў 1484 г. і дзе ў 1525 г. памёр. Ён стаў першым гвардыянам полацкага кляштара і кіраваў ім каля 15 гадоў (1498–1512?) [4, s. 179]. Потым нейкі час (да 8 снежня 1512 г.) [4, s. 182] быў кусташам Віленскага канвента. Па справах полацкага кляштара ён павінен быў мець пастаянныя стасункі з Кракавам. Таксама ў сталіцу вікарыяту Лявон з Ланьцута быў абавязаны з’яўляцца падчас капітулаў, якія адбываліся штогод і найчасцей у Кракаве ды прымяркоўваліся альбо да свята Спаслання Духа Святога, альбо да свята Багародзіцы 8 верасня і трывалі два тыдні ці нават болей [4, s. 80–81]. Стала прабываць у Кракаве ён павінен быў прынамсі ў 1512–1514 гг., калі з’яўляўся кіраўніком Польскага вікарыяту бернардзінцаў, а таксама ў 1517–1520 гг., калі займаў пасаду правінцыяла Польскай правінцыі [4, s. 61]. Сувязі полацкіх бернардзінцаў з Кракавам, а кракаўскіх – з Ягелонскім універсітэтам і маглі паспрыяць паступленню туды Францыска Скарыны. Магчыма, пошукі ў бернардзінскіх архівах змаглі б праліць святло на гэты перыяд у яго біяграфіі.

Францыск Скарына паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт у 1504 г. у час рэктарства Яна Аміцына, пра што сведчыць запіс у матрыкулах за зімні семестр. У ліку 120 упісаных у матрыкулярную кнігу значацца «Францыск, [сын] Лукі з Плоцка (Полацка), [уступная плата] 2 грошы» і яшчэ тры асобы з Беларусі: «Венцэслаў, [сын] Венцэслава са Слуцка Віленскай [дыяцэзіі], 4 грошы»; «Юрый, [сын] Якуба з Валкавыска, 2 грошы»; «Мікалай, [сын] Андрэя з Ашмянаў, 7 грошаў» [6, p. 90–91]. Уступны грашовы ўнёсак вагаўся ад 1 да 8 грошаў. Зыходзячы з сумы, унесенай Скарынам, можна меркаваць, што падчас навучання ён жыў у бурсе для бедных. У кнізе прамоцый філасофскага факультэта, на якім вучыўся Францыск Скарына, пад датаю 14 снежня 1506 г. у час дэканства магістра Леанарда з Добшыцаў змешчаны запіс пра наданне ступені бакалаўра: «узведзеныя на ступень бакалаўра і размеркаваныя ў наступным парадку паводле месца:… Фран (цыск) з Полацка, літвін…» У гэты ж дзень разам са Скарынам атрымалі ступень бакалаўра яшчэ пятнаццаць шкаляроў, два з якіх – Тамаш з Падляшша і Якуб з Эльбінга – у 1504 г. разам з ім паступалі ва ўніверсітэт і былі ўнесеныя ў матрыкулы [7, p. 144].

Дакладна невядома, дзе знаходзіўся Скарына з канца 1506 да восені 1512 г., калі ягонае імя будзе ўпісана ў акты надання акадэмічных ступеняў Падуанскага ўніверсітэта. У Падую ў 1512 г. ён прыбывае ўжо з тытулам доктара вольных навук [8, p. 243–346] і набывае ў падуанскім універсітэце яшчэ адну вучоную ступень – доктара медыцыны. За час паміж дзвюма гэтымі датамі Францыск Скарына мусіў стаць не толькі доктарам вольных навук, але яшчэ атрымаць выдатную медыцынскую адукацыю. Апрача таго, у апошнім падуанскім дакуменце ад 9 лістапада 1512 г. пра наданне знакаў ступені доктара медыцыны ён названы сакратаром дацкага караля–secretarius regis Datiae. Да апошняга часу вяліся спрэчкі наконт тэрміна Datia, які ў старажытных пісьмовых крыніцах ужываўся ў адносінах да колішняй рымскай правінцыі Дакіі (сёння тэрыторыя Румыніі), але ў часы Скарыны гэтая назва азначала ўжо іншую краіну – Данію, дарэчы дакладна гэтак жа rex Datiae называе сябе сам тагачасны кароль Даніі Ёган-Ганс у дакументах, выдадзеных ад яго імя. Беларускія скарыназнаўцы Георгій Галенчанка [9, с. 94; 10, с. 19–20], Віктар Дарашкевіч [2, с. 10], Вітаўт Тумаш [11, с. 18] ужо даўно ўказвалі, што пад гэтым тэрмінам хаваецца менавіта дацкае каралеўства. Нядаўна гэтае пытанне яшчэ раз грунтоўна прааналізавала Вольга Шутава, прыйшоўшы да такога ж меркавання [12, p. 27]. Найбольш верагодна, што менавіта ў Даніі Францыск Скарына атрымаў ступень доктара вольных навук і выдатныя веды ў медыцыне. На той час у Капенгагене ўжо дзейнічаў адкрыты ў 1479 г. Хрыстыернам І першы дацкі ўніверсітэт з чатырма факультэтамі, адным з якіх быў медыцынскі.

Якім чынам Скарына, сакратар дацкага караля, апынуўся ў Італіі? Вядома, што выпускнікі медыцынскага факультэта з Капенгагенскага ўніверсітэта для доктарскай абароны выбіралі звычайна альбо Падую, альбо Манпелье. Апрача таго, каралеўскія сакратары даволі часта выконвалі адказныя дыпламатычныя даручэнні. Таму, на нашу думку, ён прыбыў у Італію ў складзе нейкай дыпламатычнай місіі. Здаецца, гэта пацвярджае новавыяўленае нядаўна пісьмовае сведчанне. Гэта адзін з запісаў у дзённіку папскага цырымоніймайстра Парыса Грасі. Арыгінал часткі дзённіка за 1512 г., дзе змешчаны гэты запіс, паводле нашых звестак, не захаваўся, а вядомы з шэрага копій за гэты год і таксама за іншы час, якія захоўваюцца ў Ватыканскім сакрэтным архіве (10 рукапісаў), у Ватыканскім архіве Аддзела літургічных цэлебрацый найвышэйшага пантыфіка (14 рук.), Апостальскай бібліятэцы ў Ватыкане (38 рук.) [13, гл.: 14 рук. за 1512 г. з Ватыканскіх архіваў і бібліятэкі], у бібліятэках Рыма: Ангеліцы (1 рук.), Валічэліяне (1 рук.), Казанатэнскай (6 рук.), Камунальнай бібліятэцы архігімназіі ў Балоньі (4 рук.), Баварскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Мюнхене (3 рук.), Нацыянальнай бібліятэцы Францыі ў Парыжы (2 рук.). З самай ранняй копіяй у Казанатэнскай бібліятэцы г. Рыма пашчасціла папрацаваць і нам. Запіс датуецца 6 жніўня 1512 г., г. зн. за тры месяцы да надання Скарыне ступені доктара медыцыны ў Падуі.

Парыс Грасі распавядае пра прыём папам Юліем ІІ у той дзень трох дацкіх пасланнікаў, якія ўсе былі дактарамі і простымі канонікамі: адзін з іх прысяглы сакратар караля, двое іншыя – каралеўскія прыдворныя [14, f. 35v]. Вядома, што ўвесну таго ж года ў Рыме, у Латэранскай базіліцы, распачаўся V Латэранскі сабор. Гаворка пра сабор ішла і 6 жніўня, таксама ва ўзнёслай прамове, з якой звярнуўся да папы ад імя караля Ганса ягоны, не названы па імені, сакратар. Сярод іншага, выказаўшы паслушэнства папу з боку караля Даніі і Шатландыі ды іх жаданне далучыцца да сабору, ён паведаміў, што: «нават уладар русінаў і цар татараў і готаў, якія ніколі раней не апускаліся да прызнання ніводнага сабору, прыкладзе намаганні, каб цяпер яны (г. зн. русіны, татары і готы. – А. Ж.) далучыліся да сабору, што будзе прызначаны папам, альбо пагадзіліся з ужо прызначаным, просячы дапусціць іх да ўхвалення дэкрэтаў і пераўладкавання Горада, Свету і Касцёла» [14, f. 35v].

Гаворка ў гэтым пасажы ідзе, безумоўна, пра вялікага князя Масковіі Васіля ІІІ. Маскоўскія вялікія князі і дацкія каралі ад XV ст. імкнуліся да палітычных альянсаў, складаючы дамовы «аб хаўрусе і сяброўстве», з аднаго боку, супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, з другога – супраць Швецыі і Ганзейскага саюзу. У лістападзе 1493 г. падобную дамову ўклалі маскоўскі князь Іван ІІІ і дацкі кароль Ёган-Ганс. Апрача ваеннага хаўрусу, накіраванага ў першую чаргу супраць шведскага ўладара Стэня Стура і Вялікага Княства Літоўскага, яна прадугледжвала свабодны праезд паслоў, узаемную выдачу перабежчыкаў (нявольнікаў і нявольніц, даўжнікоў, злодзеяў, рабаўнікоў), бесперашкодны гандаль маскоўскіх купцоў у Даніі і дацкіх у Масковіі [15, с. 1, № 2]. Тое, што дамова выконвалася, паказваюць дакументы з пазнейшага часу. Прыкладна праз год у сувязі з блізкім абраннем яго на пасаду караля Швецыі Ганс просіць Івана ІІІ на год ці на два ўстрымацца ад варожых дзеянняў супраць Швецыі [15, с. 2 (спасылка)] . У 1501 г. маскоўскія паслы вялі перагаворы ў Даніі наконт урэгулявання памежных непаразуменняў, абмену палоннымі, прыслання ў Масковію дацкіх майстроў, а таксама пытанне магчымага шлюбу сына маскоўскага ўладара Васіля з дацкай прынцэсай Альжбетай [15, с. 2, № 3]. У 1506 г. Васіль, ужо як вялікі князь Васіль ІІІ, выказвае жаданне ўкласці новую міждзяржаўную дамову і выпраўляе дзеля гэтага да Ганса свайго пасла Істому [15, с. 3, № 4]. Кароль пагаджаецца аднавіць дамову і паведамляе Васілю ІІІ пра здраду і паўстанне ў Швецыі, а таксама просіць яго дапамагчы [15, с. 4, № 5]. Дамова была абноўленая ў тым жа 1506 г. [15, с. 4, № 6]. У дакументах з 1508, 1509, 1510, 1513 гг. называецца імя дацкага пасланніка, выпраўленага каралём Гансам, а потым яго наступнікам на дацкім троне Хрысціернам ІІ у Масковію: магістра Давіда ван Корана [16, s. 1118, nr. 9322; s. 1128, nr. 9408; s. 1141, nr. 9515; s. 1180, nr. 9892]. У наступным 1514 г. у Данію з даверным лістом выпраўляюцца паслы Васіля ІІІ: баярскі сын Іван Мікулін Забалоцкі і дзяк Васіль Аляксандраў [15, с. 6, № 12].

Нягледзячы на дамовы з Масковіяй, Ёган-Ганс паралельна наладжваў дыпламатычныя стасункі таксама з Польшчаю і Вялікім Княствам Літоўскім. У 1505 г. была ўкладзена дамова «Пра дружбу і хаўрус найяснейшага пана Ёгана, караля Даніі, Швецыі і Нарвегіі, з найяснейшым Жыгімонтам, каралём Польшчы, і паміж падданымі і ўладаннямі абедзвюх дзяржаў» [17, s. 94, nr. 10501-2]. У 1506 г. з даверным лістом выправіўся да караля Польшчы і вялікага літоўскага князя Аляксандра той жа самы магістр Давід [18, s. 4, nr. 4]. У 1507 г. з Польшчы вяртаецца іншы дацкі пасланнік Вернэр Каннік [16, p. 1114, nr. 9285]. Апрача таго, рабіліся спробы завязаць матрыманіяльныя адносіны: так, пры выбары нявесты для дацкага каралевіча Хрысціерна ў 1508 г. абмяркоўвалася кандыдатура дачкі польскага караля [18, s. 19–20, nr. 30]. Праз год у Данію выправіўся дарадца і пасол Жыгімонта Ян Кокрыц: паміж абедзвюма дзяржавамі была ўкладзена дамова «пра сяброўства, любоў і хаўрус», засведчаная некалькімі дакументамі з абодвух бакоў, адбыўся абмен пасламі [18, s. 25, nr. 36; 19, s. 61, nr. 14; 20, p. 355–357]. Дамова будзе абноўленая ў 1516 г. пры наступніку Ганса Хрысціерне ІІ [21, p. 38, nr. 42; p 57, nr. 62; 73–74, nr. 88, 89]. Вельмі верагодна, што з адным з такіх пасольстваў у Данію і мог патрапіць Скарына ў прамежку паміж 1506 і 1510 гг. Звычайна лічыцца, што Скарына мог прыбыць у Данію ў 1509 г. падчас укладання хаўруснай дамовы. Але нічога не перашкаджае нам дапусціць, што ён мог апынуцца там і раней, нават адразу пасля атрымання ступені бакалаўра ў Кракаве. Тым больш, што ў Капенгагенскім універсітэце на пачатку яго дзейнасці адчуваўся недахоп як студэнтаў, так і выкладчыкаў, і для прыцягнення іх у Капенгагенскую альма-матар адмыслова выязджалі за мяжу прадстаўнікі караля і ўніверсітэта [22, p. 9–10, 23–24].

У згаданым запісе Парыса Грасі адзначаецца пра імкненне Масковіі да паразумення з Апостальскім Пасадам і пра далучэнне да V Латэранскага сабору. У атачэнні Васіля ІІІ, сына Івана ІІІ і грачанкі Соф’і Палеалог, якую, дарэчы, лічаць каталічкай усходняга абраду, безумоўна, абмяркоўвалася і пытанне рэлігійнай уніі. Прыхільнікамі ўніі пры двары Васіля ІІІ, апрача ягонай маці, былі прыдворны лекар Мікола Булеў, захавальнік маскоўскага скарбу і дзяржаўнай пячаці грэк Юры Траханіёт, а таксама яго ўплывовы бацька Дзмітрый Траханіёт ды іншыя. Замежныя паслы, напрыклад, пасол Нямецкага ордэна Шонберг і пасол імператара Франчэска дэ Колё паведамлялі ў той час, што Масковія гатова прыняць унію. Пра гэта пісаў да папы Юлія ІІ і кароль Шатландыі Якаб ІV: «прыбылі нядаўна да караля Даніі паслы імператара Русі, якія прасілі саюзу і сяброўства, і ён з вялікай надзеяй на гэты саюз ды на тое, што імператар звернецца да святога вучэння Рымскага Касцёла, зычліва прыняў яго просьбы і рыхтаваўся паслаць сваіх паслоў на Русь, якія б душу імператара ўзнялі ад забабоннай бязбожнасці, паказалі на марнасць веравызнання гэтага люду, ды ўвялі яму ў вушы сапраўдную Хрыстовую веру» [23, p. 85, nr. 45]. У запісе Парыса Грасі мы бачым, што дацкі кароль, выступаючы пасрэднікам перад папам, не пакідаў сваіх спроб cхіліць маскоўскага ўладара да паяднання дзвюх галін хрысціянства. Але, відаць, справа ўніі была занядбана пасля амаль адначаснай смерці ў 1513 г. караля Ганса і папы Юлія ІІ.

Пакуль не выяўлены дакументы аб пайменным складзе дацкай дыпламатычнай місіі на V Латэранскі сабор, скліканы папам Юліем у 1512 г., мы не можам з упэўненасцю сцвярджаць, што сакратаром, прадстаўленым у тэксце Грасі, быў Скарына. Але храналагічная блізкасць дзвюх згадак пра каралеўскага сакратара, змест прамовы перад папам, які закранаў пытанні, якія маглі быць у кампетэнцыі Скарыны, і ўказанне на яе красамоўнасць (ці не таму, што яе прамаўляў доктар вольных навук) дазваляе лічыць гэта вельмі верагодным. Дадатковым аргументам на карысць такога дапушчэння можа з’яўляцца прысутнасць, нягледзячы на цяжкую хваробу ног, біскупа Падуі і прэзідэнта ўніверсітэта, віцэ-канцлера папскай канцылярыі, пляменніка папы Юлія ІІ, і ўдзельніка V Латэранскага сабору кардынала-прэзбітэра Сікста Гара дэла Равэрэ ў Падуі на іспытах, якія трымаў Францыск Скарына [30, с. 23]. Магчыма, ён быў галоўным апекуном, які наладзіў і падтрымаў абарону Скарынам дысертацыі доктара медыцыны. На першы погляд, можа бянтэжыць тое, што сакратар і двое іншых пасланнікаў названы ў дзённіку Грасі канонікамі, але трэба зазначыць, што свецкімі канонікамі маглі быць магістры і дактары, у тым ліку і вольных навук. Для ўтрымання выкладчыкаў, апрача платы ад студэнтаў, маглі прызначацца кананікаты, г.зн. удзел у прыбытках, якія атрымліваў нейкі касцёл. Прычым такія кананікаты маглі прызначацца не толькі па месцы знаходжання навучальнай установы, але таксама і на радзіме прафесараў [24, c. 79–80].

Узнікае пытанне: навошта патрэбен быў Скарына дацкаму каралю ў якасці сакратара, бо вядома, што ў яго было шмат сваіх, айчынных? Пра гэта можа сведчыць, напрыклад, ліст Ёгана да папы Юлія ІІ ад 11 лютага 1507 г., дзе ён просіць перадаць Шлягзвіскую прэпазітуру ды іншыя касцёльныя бенефіцыі свайму сакратару Гайну ды іншым сваім сакратарам [18, p. 16, nr. 24]. Сакратароў ён выкарыстоўваў у тым ліку і для дыпламатычных місій. Так, у тым жа годзе ён выдае даверны ліст свайму сакратару Ціху, сыну Вінцэнта, да караля Шатландыі Якаба ІV [25, p. 248–249, nr. 43]. І ў тым жа 1507 г. Ёган просіць Людовіка ХІІ, караля Францыі, рэкамендаваць згаданага Ціху, свайго сакратара, накіраванага ў Парыжскі ўніверсітэт, якому-небудзь вучонаму сябру каралеўскага парламента, каб ён вывучыў звычаі парламента і французскую мову [18, p. 19, nr. 29]. У 1510 г. згадваецца імя сакратара магістра Эрыка Валькэндорпа, якога Ганс просіць у папы Юлія прызначыць Нідроскім біскупам [18, p. 36, nr. 49]. У дакуменце ад 1510 г. фігуруе ў якасці сакратара, пасланага ў Масковію, ужо вядомы нам магістр Давід [16, p. 1144, nr. 9543]. Два каралеўскія сакратары Андэрс Глоб і Ёган Вульф згадваюцца ў двух дакументах, выдадзеных дацкім каралём 5 красавіка 1512 г. перад самым пачаткам V Латэранскага сабору [18, p. 49, nr. 74; 8, p. 1171, nr. 9805]. Ёган Вульф накіраваўся у Вечны Горад дзеля атрымання дыспенсацыі з дапамогаю Сенгаленскага кардынала, для каралеўскага канцлера на займанне двух касцёльных бенефіцый. Паводле некаторых меркаванняў, Ёган Вульф меўся узначальваць таксама дацкую місію на Латэранскі сабор. Як бачым, у дацкага караля не бракавала айчынных сакратароў. Тым не менш, адносіны з Масковіяй, Польшчаю і Вялікім Княствам Літоўскім патрабавалі мець пры сабе людзей, якія валодалі б «рускай» моваю і кірылічным пісьмом. Яшчэ больш такія асобы былі неабходныя для пасольстваў у пытаннях паяднання дзвюх галін хрысціянства і кансалідацыі еўрапейскіх краін перад турэцкай пагрозаю, якая тады была актуальнай і вымагала прыцягнення да антытурэцкай кааліцыі Масковіі, Вялікага Княства і Польшчы. Пра тое, што ў караля Ганса была патрэба ў такіх знаўцах, сведчыць яго недатаваны ліст, найверагодней ад 1506 г., да Васіля ІІІ з просьбаю прыслаць да яго палоненага фіна Сівара, які ведае «рускую» мову і пісьмо ды можа служыць перакладчыкам [26, s. 97, nr. 150].

Патрапіць у Данію Скарына мог, як ужо адзначалася, альбо ў 1509 г., калі туды выправілася пасольства караля Польшчы і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта І, альбо раней пасля атрымання ступені бакалаўра ў Кракаве. На той час у Капенгагене ўжо дзейнічаў адкрыты ў 1479 г. Хрыстыернам І першы дацкі ўніверсітэт з чатырма факультэтамі, сярод якіх быў і медыцынскі. Менавіта тут Францыск Скарына мог здабыць ступень доктара вольных мастацтваў і выдатныя веды ў медыцыне, якія ён прадэманстраваў на абароне ў Падуі.

Вольга Шутава і Анатоль Цітоў, на аснове аналізу выдавецкіх сімвалаў Скарыны і дацкага першадрукара Говарта ван Гемена, указалі на іх відавочную сувязь і адначасовае знаходжанне ў Капенгагене і тым самым прывялі яшчэ адзін довад на карысць сакратарства Францыска Скарыны менавіта ў дацкага караля [27, с. 72–74; 28, с. 40].

Пытанне пра тое, ці Скарына быў у складзе дацкай дыпламатычнай місіі на V Латэранскі сабор і ці менавіта ён звяртаўся з прамоваю да папы Юлія ІІ 6 жніўня 1512 г., нягледзячы на шэраг ускосных довадаў, усё ж застаецца адкрытым да выяўлення прамых дакументальных сведчанняў. Далейшыя пошукі, на наш погляд, трэба было б праводзіць у Ватыканскім сакрэтным архіве сярод дакументаў папы Юлія ІІ і дацкіх лабістаў-кардыналаў (напрыклад, таго ж Сенгаленскага), у дацкіх архівах сярод матэрыялаў караля Ёгана-Ганса і Капенгагенскага ўніверсітэта за 1506–1517 гг., сярод дыпламатычных дакументаў караля Жыгімонта і князя Васіля ІІІ, а таксама ў архіўных зборах Венецыянскай рэспублікі. Бо не выключана, што імя Скарыны можа таксама фігураваць у складзе пасольстваў у Масковію, Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае, Венецыю.

З 5 да 9 лістапада 1512 г. Францыск Скарына, як сведчаць запісы ў «Актах пра наданне акадэмічных ступеняў» Падуанскага ўніверсітэта, трымаў іспыты на атрыманне ступені доктара медыцыны. 5 лістапада на сходзе «Святой калегіі» пад старшынствам віцэпрыёра ў касцёле св. Урбана яму была дадзеная «ласка», як беднаму трымаць іспыты бясплатна «з любові да Бога», за што аднагалосна прагаласавалі ўсе сябры Калегіі. На другі дзень адбыўся пробны іспыт, на якім дактарант бліскуча адказаў на ўсе прапанаваныя яму пытанні і выдатна адхіліў ўсе довады супраць, а таму «з агульнай згоды быў дапушчаны да асабістага іспыту ў медыцыне». Асабісты іспыт ён трымаў 9 лістапада ў прысутнасці 14 вучоных і «праявіў сябе настолькі пахвальна і вельмі годна падчас гэтага свайго строгага экзамена, цытуючы на памяць зададзеныя яму пытанні і выдатна адхіляючы довады супраць, што атрымаў аднадушнае ўхваленне ўсіх без выключэння прысутных вучоных, і было прызнана, што ён мае дастатковыя веды ў медыцыне». Пасля гэтага Францыск Скарына быў урачыста абвешчаны доктарам медыцыны, а прамотар доктар вольных навук і медыцыны Барталамей Барызон уручыў яму адпаведныя знакі медыцынскай ступені. У той жа дзень таксама быў унесены пратакольны запіс пра гэтую падзею ў кнігу «Diversorum…» Падуанскай біскупскай курыі. Якраз у ім Скарына названы сакратаром караля Даніі [29, p. 226–228; 8, p. 243–346].

На ўсіх мерапрыемствах, звязаных з атрыманнем доктарскай ступені ад медыцыны ў Падуі, прысутнічалі і бралі ўдзел у дыскусіях 32 асобы: дактары і магістры, студэнты, прадстаўнікі духавенства. Сярод прысутных, прынамсі, тры чалавекі маглі мець дачыненне да кнігадрукавання: Барталамей Санвіта (які быў звязаны з венецыянскім друкам), Антоніа дэ Санчына і Хрыстафор а Ліньямінэ [30, p. 24–26].

Пасля 9 лістапада 1512 г. і да 6 жніўня 1517 г. след Скарыны зноў губляецца. Невядома, ці заставаўся ён яшчэ на пасадзе каралеўскага сакратара. У кожным разе перад абаронай у Падуі альбо пасля гэтага ён павінен быў ці ў складзе дыпламатычнай місіі, ці самастойна пабываць у Венецыі. З пэўнасцю можна сцвярджаць толькі, што ў гэты час ён займаўся падрыхтоўкай да кнігадрукавання ў Празе. Дзеля гэтага ён павінен быў заручыцца падтрымкаю айчынных дабрадзеяў, а таксама вырашыць пытанні з тэхнічным забеспячэннем друкарскай дзейнасці ў Празе.

6 жніўня 1517 г. у Празе «Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарскых науках доктор, повелел … Псалтырю тиснути». Выдаўшы за два гады апрача «Псалтыра» яшчэ 22 кнігі Старога Запавету, Скарына пасля 15 снежня 1519 г.павінен быў вярнуцца на радзіму і ў 1522 г. выдае ў Вільні «Малую падарожную кніжку», а затым у 1525 г. – «Апостала». Пасля гэтага ягоная выдавецкая дзейнасць была спынена з невядомых прычын. У 1526 г. Скарына прысутнічае ў якасці сведкі ў Вільні пры акце фундацыі касцёла і школы ў вёсцы Весічы Гарадзенскага павета [2, с. 83], а на пачатку 1529 г. фігуруе ў судовым дэкрэце Польскага караля і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта наконт маёмасці сваёй жонкі Маргарыты. Жонка Маргарыта, удава Юрыя Адверніка, і не названыя па імені дзеці ўпершыню згадваюцца ў гэтым дэкрэце [2, с. 91].

У тым жа 1529 г. ён ад імя свайго і Маргарыты ўдзельнічаў у Познані ў працэсе пра падзел маёмасці памерлага брата Івана і атрымаў частку маёмасці [2, с. 110–112]. Апрача яго ў падзеле маёмасці як прэтэндэнты бралі ўдзел зяць Івана Еська Стэпановіч, віленскі грамадзянін Яцка Фальковіч, купец і познанскі райца Кляўс Габэрлянд, а таксама жонка Якуба Корбы, у падвале пад домам якога захоўваліся скуры, якімі гандляваў Іван Скарына. Пры даследаванні матэрыялаў архіва Прускай культурнай спадчыны ў Берліне намі былі выяўлены дакументы, што сведчаць пра сувязі двух фігурантаў справы пра падзел маёмасці: Кляўса Габэрлянда і Якуба Корбы з прускім герцагам Альбрэхтам Гагенцолернам. 1 жніўня 1529 г. датуецца ліст герцага да Кляўса Габэрлянда наконт нейкіх рымскіх спраў [31, f. 42v]. У лісце да караля Польшчы і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта ад 2 мая 1527 г. герцаг прасіў караля дапамагчы матэрыяльна абрабаванаму купцу Якубу Корбу [32, p. 218–219]. 1 красавіка 1539 г. райцы Познанскай рады звярнуліся да Альбрэхта з просьбаю дапамагчы дзецям-сіротам нябожчыка Якуба Корбы, якіх праследуюць крэдыторы за даўгі бацькі [33, nr. 31]. Пасля разгляду справы пра падзел маёмасці ў Познані, у канцы 1529 альбо ў першай траціне 1530 г., Францыск Скарына, як вынікае з чатырох лістоў Альбрэхта, быў у яго на службе, адкуль ужо ў маі выправіўся назад у Вільню, звёзшы з сабою лекара і друкара герцага. Спачатку Альбрэхт піша да Віленскага ваяводы і канцлера ВКЛ Альбэрта Гаштольда і да Віленскай рады з просьбаю дапамагчы Скарыне і абараніць яго ў нейкіх сямейных і матэрыяльных справах, а таксама дае яму ахоўны падарожны ліст [2, с. 95 і наступныя]. Але ў апошнім лісце да Гаштольда герцаг рэзка мяняе тон і просіць паўплываць на Скарыну, каб той вярнуў яму вывезеных падданых [2, с. 102]. Яўген Неміроўскі мяркуе, што гэтымі двума асобамі былі вывезены Альбрэхтам з Кракава юдэі лекар Майсей і яго брат Аляксандр, які займаўся друкарскай справаю. У 1530-х гг. браты зноў аб’явіліся ў Кракаве [34, с. 206].

Як вынікае з аналізу карэспандэнцыі герцага Альбрэхта, апрача Гаштольда ён меў сувязі з асобамі, якія пэўным чынам прычыніліся да лёсу першадрукара: віленскім біскупам Янам, у якога ён служыў сакратаром і які быў стрыечным братам герцага, слуцкім князем Георгіем, які фундаваў касцёл у Весічах, дзе сведкаю быў Скарына [35, 12 oct., 22 nov.], іншымі дастойнікамі ВКЛ і Польшчы. З перапіскі, якую актыўна вёў Альбрэхт з каралеўскім канцлерам Крыштафам Шыдлавецкім, мы даведваемся пра прынесеную з Англіі ў Прусію «потную гарачку», якая за кароткі час забрала тут каля 30 тысяч жыццяў. У верасні 1529 г. захварэў сам герцаг, а таксама яго цяжарная жонка Даратэя, дачка дацкага караля. Толькі ў канцы кастрычніка абаім удалося справіцца з хваробаю [32, p. 417–426, 441–444]. Мабыць, у першую чаргу, для дапамогі ў час пошасці і быў запрошаны ў прускі Каралявец-Кёнігзберг Францыск Скарына. Здарылася гэта, магчыма, пасля звальнення з пасады асабістага герцагскага лекара Вільдэ, які, на думку Альбрэхта, не ўбярог яго і жонку ад хваробы і якому ён шукаў замену [34, с. 200]. У лісце Крыштафа Шыдлавецкага да Альбрэхта ад 7 студзеня 1530 г. змешчана цікавае паведамленне: «За кніжку, напісаную найдасведчанейшым лекарам найяснейшай Вашай міласці, дзякую ласкава і ўдзячны: гэтыя супрацьхваробныя сродкі маю ўжываць не толькі таму, што хачу знішчыць гэты найатрутнейшы вірус, але таксама дзеля таго, што іх прыслаў мне мой пан і брат, які з Божай дапамогаю пазбавіўся ад такой вялікай небяспекі» [36, nr. 171]. Ці не была гэта кніжка (збор рэцэптаў?), напісаная тым доктарам медыцыны, пра якога Альбрэхт пазней пісаў да Гаштольда ў лісце ад 25 кастрычніка 1529 г.: «Не так даўно прыбыў пад нашу ўладу выдатны і шматвопытны муж Францыск Скарына з Полацка, доктар прыгожых мастацтваў і медыцыны, даравіты выкладчык, падданы Вашай высокай міласці і грамадзянін найслаўнейшага горада Вільні. Звярнуўшы ўвагу як на яго сапраўды дзівосны талент, так і найвышэйшае майстэрства, якое ён дэманструе са здзіўляючым бляскам і вопытнасцю, якую набыў, відаць, не інакш як толькі праз сваю шматгадовую працу і падарожжы дзеля пазнання мноства ведаў, мы міласціва прыпісалі яго да ліку і кола нашых падданых і верных мужоў і паставілі яго ў рад тых, да каго прыхільна ставімся» [2, с. 95–96]. Якраз у канцы кастрычніка 1529 г., калі герцаг Альбрэхт і яго жонка ачунялі ад хваробы, скончыўся познанскі працэс пра падзел маёмасці Івана Скарыны, і Францыск мог апынуцца ў Караляўцы неўзабаве пасля звальнення Вільдэ і прадэманстраваць сваё лекарскае мастацтва пры двары Альбрэхта. Пакінуць Прусію Скарыну хутчэй за ўсё змусілі справы ў Вільні, дзе 2 сакавіка 1530 г. здарыўся вялікі пажар, які знішчыў дзве траціны горада. Магла пацярпець і маёмасць першадрукара, вялі яго на радзіму таксама і апасенні за жыццё родных, жонкі і дзяцей [2, с. 95–96].

Праз два гады ў 1532 г. у Познані першадрукар патрапіў у судовы працэс, распачаты варшаўскімі юдэямі супраць яго за даўгі памерлага брата Івана, быў нават кінуты ў вязніцу і прасядзеў у ёй каля чатырох месяцаў. Юдэі прадставілі яго каралю як распарадчыка спадчынаю нябожчыка. Толькі ўмяшанне ў справу іванавага сына, пляменніка Францыска Скарыны, Рамана, прывяло да вырашэння справы на карысць першадрукара і вынясенне выраку супраць пазоўнікаў [2, с. 125 і наступныя]. Апошні дакумент, датычны гэтай справы, – ахоўны ліст, выдадзены каралём Польшчы і вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам І Францыску Скарыне, які датуецца 25 лістапада 1532 г. Пасля гэтага мы зноў губляем яго з поля зроку аж да мая 1535 г. Вельмі верагодна, што адразу пасля пoзнанскага працэсу ён перабраўся ў Чэхію. З ім, відаць, прыбыла туды і яго сям’я.

З 22 мая 1535 г. да 21 ліпеня 1539 г. у перапісцы наконт каралеўскага сада ў Празе паміж каралём Фердынандам І і пражскай каморай згадваецца садоўнік Францыск [2, с. 163 і наступныя]. Мяркуючы з пазнейшага, выдадзенага каралём Сымону Русу, сыну памерлага, прывілея ад 1552 г. на адшуканне і валоданне маёмасцю яго бацькі, гэтым садоўнікам быў, як піша кароль, «доктар Францішак Рус Скарына з Полацка, нябожчык, які быў нашым садоўнікам і чужынцам у гэтым каралеўстве Чэшскім, — сышоў на вечны спакой і пакінуў пасля сябе сына Сімяона Руса і пэўную маёмасць, паперы, даўгі і іншае, яму належнае» [2, с. 185]. З гэтага ліста мы таксама даведваемся імя аднаго з сыноў Скарыны. Другі сын згадваецца ў паведамленні чэшскага аўтара ХVI ст. Вацлава Гаека з Лібачан пра пажар у Празе, дзе ў 1541 г. у доме Яна з Пухава загінуў «чаляднік Францішак, які быў сынам доктара Руса» [37]. Ян з Пухава, адміністратар Пражскай дыяцэзіі, руплівы абаронца каталіцкай веры ў Чэхіі, быў адным з самых вядомых і ўплывовых людзей ХVI ст. у краіне, з якім, без усялякага сумнення, павінен быў быць добра знаёмы Францыск Скарына і якому ён аддаў на «дзядзькаванне» свайго сына [38, с. 65–73].

Пра другога сына вядома з Рожмбэрскай хронікі Вацлава Бржэзана – аўтара канца ХVI – пачатку XVII ст. Пад 1577 г. ён паведамляе: «22 мая ксёндз Іржык Чэтл, архіпрэзбітэр Бехінскага краю і крумлаўскі пробашч, скончыў жыццё ў Крумлаве. Ён карыстаўся паслугамі доктара, нейкага паляка Сімяона па прозвішчы Рус з Полацка. Той пробашч пахаваны 24 мая» [2, с. 187]. Пазнейшае паведамленне гісторыка Францішка Тэплага апавядае пра дзейнасць Сімяона (Шымона Роўсака) у Індржыхавым Градцы ў якасці садоўніка мясцовага пана Ёахіма з Градца. Сімяон, які спаборнічаў у гэтай справе з іншым садоўнікам, перахрышчаным юдэем Якубам, у 1584 г. быў адпраўлены на лячэнне: «…стары садоўнік Рус з Полацка Шымон Роўсак, якога з-за ягонай нядужасці паслаў ягамосць пан у 1584 г. лячыцца ў Добрай Водзе ля Капліцы, даўшы яму 1 капу і 30 грошаў» [2, с. 189].

Нядаўна намі разам з дактарантам Карлавага ўніверсітэта ў Празе Паўлам Котавым быў зроблены запыт у абласны архіў г. Тржэбаня. У выніку пошукаў, праведзеных чэшскімі архівістамі доктарам Ладэнай Плусаровай і магістрам Ганай Жэлэзнай, былі выяўлены два арыгінальныя дакументы з 1584 г., датычныя адпраўкі на лячэнне Сімяона Руса. Адзін з гэтых дакументаў змяшчае ўласнаручны подпіс Сімяона. Улічваючы тое, што ўзгаданыя архівы ад самага свайго заснавання не зазналі страт, можна спадзявацца на новыя знаходкі дакументаў, асвятляючых не толькі біяграфію сына першадрукара, але і яго славутага бацькі Францыска Скарыны. Патрабуюць таксама новых грунтоўных даследаванняў і архівасховішчы тых гарадоў, з якімі звязаны лёс першадрукара і яго сыноў: Кракава, Прагі, Падуі, Познані, Капенгагена, Гданьска, Рыма і Ватыкана, Вільні, Рыгі, Масквы. Навуковыя здабыткі і знаходкі апошніх гадоў даюць надзею на выяўленне новых звестак з біяграфіі нашага земляка, доктара вольных навук і медыцыны, першадрукара і заснавальніка каралеўскага сада ў Празе, сакратара і прыбліжанага высокапастаўленых еўрапейскіх дзеячаў, дыпламата Францыска Скарыны.

 

Спіс выкарыстаных крыніц

 

    1. Шчакаціхін, М. Калі радзіўся Францішак Скарына / М. Шчакаціхін // Полымя. – 1925. – № 5.
    2. Францыск Скарына: зб. дакументаў і матэрыялаў / уклад., прадм., камент., паказ. В. I. Дарашкевіча. – Мінск: Навука і тэхніка, 1988.
    3. Vita clarissimi viri fratris Joannis de Capistrano, feliciter incipit, per fratrem Nicolaum de Fara, socium ejusdem // Acta Sanctorum. Octobris. T. X. Bruxellis, 1861. – Р. 466.
    4. Kantak, K. Bernardyni Polscy / K. Kantak. – T. 1. 1453–1572. – Lwów, 1933.
    5. Fijałek, J. Początki cenzuryprewencyjnej w kościele rzymskokatolickim w Polsce / J. Fijałek //Studia staropolskie. Księgaku czci Aleksandra Brücknera. Kraków, 1928.
    6. Album studiosorum universitatis Cracoviensis. T. II. (Ab anno 1490 ad annum 1551) / Ed. curavit Adam Chmiel. – Cracoviae, 1892.
    7. Statuta nec non liber promotorum philosophorum ordinis in universitate studiorum Jagellonicz ab anno 1402 ad annum 1849 / Ed. Iosephus Muczkowski. – Cracoviae, 1849.
    8. Ghetti, M. C. Il soggiorno padovano di Francisk Skorina / M. C. Ghetti // Manoscritti, editoria e biblioteche all’età contemporanea. Studi offerti a Domenico Maffei per il suo ottantesimo compleanno / Cur. Mario Acheri, Caetano Colli. – Roma, 2006.
    9. Галенчанка, Г. Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар / Г. Галенчанка. – Мінск, 1993.
    10. Галенчанка, Г. Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі / Г. Галенчанка // 480 год беларускага кнігадрукавання: матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў / гал. рэд. А. Мальдзіс [і інш.]. – Мінск: Беларус. навука, 1998. Беларусіка=Albaruthenica; Кн. 9).
    11. Брага, С. Геаграфічная лякалізацыя жыцьцяпісу доктара Скарыны / С. Брага. – Нью-Ёрк, 1965.
    12. Shutava, V. Again about Skaryna in Padua: circumstances / V. Shutava // Belarusian review. – Vol. 27, No. 1.
    13. Città del Vaticano. Archivio Segreto Vaticano. Fondo Borghese. Serie I. 889, 890; Città del Vaticano. Archivio dell’Ufficio delle Celebrazioni Liturgiche del Sommo Pontefice. Cerimonieri pontifici. 371, 376 A;Città del Vaticano. Biblioteca Apostolica Vaticana. Barb. lat. 2689, 2798; Città del Vaticano. Biblioteca Apostolica Vaticana. Chig. L. I. 19; Città del Vaticano, Biblioteca Apostolica Vaticana, Urb. lat. 1016; Città del Vaticano, Biblioteca Apostolica Vaticana, Vat. lat. 12268, 12269, 12305, 12412, 12414, 12415.
    14. Biblioteca Casenatense in Roma. – Codex, 1594.
    15. Датский архив. Материалы по истории Древней России, хранящиеся в Копенгагене. 1360–1690 гг. / сост. Ю. Н. Щербачев. – М., 1893.
    16. Regesta diplomatica historiae Danicae. Ser. II. T. 1. – Kjøbenhavn, 1886.
    17. Fortegnelse over Danmarks breve fra middelalderen med udtog af de hidtil utrykte. 2. Række / Udg. ved William Christensen. 6. Bind (1505–1510).
    18. Kong Hans’s Brevbog // Aarsberetninger fra det kongelige geheimearchiv indeholdende bidrag til Dansk historie af utrykte kilder / Ungivne af C. F. Wegener. Bd. 4. – Kjøbenhavn, 1852–1855.
    19. Bilag til kong Hans’s Brevbog// Aarsberetninger fra det kongelige geheimearchiv indeholdende bidrag til Dansk historie af utrykte kilder / Ungivne af C. F. Wegener. Bd. 4. – Kjøbenhavn, 1852–1855.
    20. Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lithuaniae in quo pacta, foedera, tractatus pacis… nunc primum ex archivis publicis eruta ac in lucem protracta exhibuntur. [Ed.] M. Dogiel. T. 1. – Vilnae, 1758.
    21. Acta Tomiciana. – T. IV. – Cracoviae, 1855.
    22. Regiae academiae Hafniensis infantia et pueritia … ab Alberto Thura. Elensburgi et Altonaviae, 1734.
    23. Epistolae Jacobi quarti, Jacobi quinti et Mariae, regum Scotorum… ab anno 1505 ad annum 1545. Vol. I. – Edinburgi, 1722.
    24. Суворов, Н. С. Средневековые университеты / Н. С. Суворов; изд. 2-е. – М.: Книжный дом «ЛИБРОКОМ», 2012.
    25. Gairdner. Letters and papers illustrative to the reigns of Richard III. and Henry VII. –Vol. II.
    26. Nya Kälor till Finlads Medeltidsistoria… / Af Edward Gröblad. Föstasamlingen. –Köenhamn, 1857.
    27. Шутова, О. М. Вновь портрет Скорины, или о необходимости «читать» гравюры / О. М. Шутова // Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны: навук. зб. – Вып. 10. – Мінск, 2015.
    28. Цітоў, А. Шляхамі Францыска Скарыны / А. Цітоў. – Мінск, 2016.
    29. Acta graduum academicorum ab anno 1501 ad annum 1525 / A cura di Elda Martellozzo Forin. – Padova, 1969.
    30. Shutava, V. Again about Skaryna in Padua: Attendees / V. Shutava// Belarusiam Review. – Summer 2015. – Vol. 27, Nо. 2.
    31. Берлін, Geheimes Staatsarchiv Preußischer Kulturbesitz. GStA PK. XX. Ostpr. Fol. 42.
    32. Берлін, GStA PK. XX. Ostpr. Fol. 48.
    33. Берлін, GStA PK. XX. HBA. B 3. Kasten 437 (1525–1547).
    34. Немировский, Е. По следам Франциска Скорины: документальная повесть / Е. Немировский. – Минск, 1990.
    35. Берлін, GStA PK. XX. HBA. B 2. Kasten 357 (1533, nr. 323–366).
    36. Берлін, GStA PK. XX. HBA. B 2. Kasten 360 (1536, nr. 460–509).
    37. O nesstiastnee przihodie kteraž gse stala skrze ohen w Menssim Miestie Pražském. – Praha, 1541.
    38. Лемешкин, И. В. Франциск Скорина и Прага 1541 г. / И. В. Лемешкин // Palaeoslavica. – 2016. – Vol. XXIV, No. 1.

Aliaksandr Zhlutka

Аляксандр Жлутка, канд. філал. навук, стар. навук. супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Рэспубліка Беларусь.